БУ́ХАВІЦКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры барока. Пабудавана ў 1676 у в. Бухавічы (Кобрынскі р-н Брэсцкай вобл.) як касцёл дамініканцаў, з 1832 — Пакроўская царква. Першапачаткова прамавугольны ў плане выцягнуты па падоўжнай восі аб’ём, да якога з усх. боку далучалася прамавугольная апсіда, з зах. — вежа-званіца. Вуглы аб’ёмаў умацаваны контрфорсамі. Фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, апяразаны карнізам простага профілю. У час рэканструкцыі (1889) надбудаваны 3-і ярус званіцы — драўляны васьмярык з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай над 2-схільным дахам і васьмігранны драўляны барабан з цыбулепадобным купалам. У інтэр’еры драўляны іканастас 2-й пал. 19 ст.

т. 3, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)